Мир-гора
Вельмі цікавым помнікам Старадарожчыны, пра які складзена шмат паданняў, з’яўляецца Мір-гара. Знаходзіцца яна каля вёскі Новы Рабак, недалёка ад мяжы Старадарожскага і Слуцкага раёнаў. Гара мае прыродны характар і, як лічыцца, была ўтворана пад час дзейнасці ледавіка. Па меркаванні навукоўцаў, яна стала паганскім капішчам – месцам, дзе адбываліся рэлігійныя рытуалы язычнікаў. Паблізу знаходзяцца старажытныя пахаваніі. Менавіта адсюль і магла пайсці ранейшая назва гары – Святая гара. Па паданні, на гары некалі расла сасна, і аднойчы на ёй цудоўным чынам з'явіўся абраз. Мінаў час, і ад Святой Сасны застаўся толькі пень, на які доўгі час раз на год, на Пакравы, сяляне зносілі: масла, сыр, мёд, палатно і іншыя ахвяры. Пасля над гэтым пнём была пабудавана драўляная царква з купалам, якая насіла назву Свята-Пакроўская і была заснавана князёўнай Соф'яй Слуцкай, жонкай князя Януша Радзівіла. Гэта адбылося ў XVII стагоддзі. З таго часу, на Пакравы, тут пачалі адбывацца вялікія святы і кірмашы, сюды з'язджаліся сяляне, рамеснікі, купцы, з вёсак і мястэчкаў Случчыны, Старадарожчыны і Любаншчыны. Калі Соф'я Слуцкая была далучана праваслаўнай царквой да ліку святых, яе абраз змясцілі ў той царкве. І людзі перш, чым пачаць гандаль, маліліся Святой Соф'і Слуцкай. Праз некалькі стагоддзяў царква спарахнела і ў 1867 годзе была пабудавана новая на грошы цітулярнага саветніка М. Я. Пігулеўскага. Пры Савецкай уладзе ў 1933 годзе царка была разабрана атэістамі з вёскі Сорагі і больш ужо не адноўлена. Старыя расказвалі, што званы пад час набажэнстваў чулі далёка ў навакольных вёсках. На месцы ж, дзе стаяла царква, былі знойдзены каваныя цвікі, а ў 1995 годзе быў пастаўлены крыж, да якога і сёння прыходзяць вернікі.
Яшчэ адно з паданняў пра гэта месца паведамляе, што недзе тут на пні, пад час Паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй (1700 -1721), рускі цар Пётр І і швецкі кароль Карл ХІІ падпісалі мірнае пагадненне. Таму, маўляў, і назвалі месца Мір-гарой.