Почтовая станция

У старажытнасці для наладжвання гандлева-эканамічных сувязей карысталіся пераважна воднымі шляхамі, сухапутных дарог было вельмі мала.Брукаваныя дарогі на Беларусі пачалі будаваць з ХVII ст. Спачатку гэта былі невялікія ўчасткі шляхоў, што злучалі магнацкія сядзібы з бліжэйшымі гасцінцамі.

Пад час руска-швецкай вайны 1700-1721гг. па загаду Пятра I ў Беларусі будаваліся паштовыя дарогі і станцыі.

Найбольшая колькасць дарог пралягала ў канцы XVIII ст. праз Панямонне. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі напрамак шляхоў пачаў змяняцца. Найбольш буйной магістраллю ў канцы XVIII ст. была Маскоўска-Варшаўская шаша – праз Крычаў, Рагачоў, Бабруйск, Старыя Дарогі, Слуцк, Кобрын, Брэст. Улічваючы стратэгічнае значэнне гэтага тракта, расійскія імператары XIX ст. звярталі вялікую ўвагу на будаўніцтва і падтрыманне яго ў належным стане.

У пачатку XIX ст. на ўзноўленных трактах пачалі будавацца новыя паштовыя станцыі. Людзям у час падарожжа трэба было адпачыць, пераначаваць, падсілкавацца, даць адпачыць коням, падрамантаваць транспартныя сродкі.  З гэтай мэтай уздоўж дарог на адлегласці 17-22 вярсты размяшчаліся станцыі з пастоем для гасцей і экіпажаў, стайней для коней, карчмой, кузняй.

Да сённяшняга часу на Старадарожчыне захаваліся будынкі паштовых станцый у весках Паськавы Горкі і Старыя Дарогі. Яны былі пабудаваны з цэглы на Маскоўска-Варшаўскай шашы. На станцыях знаходзіўся цэлы комплекс гаспадарчых і прамысловых памяшканняў – стайня для коней, адрыны для сена і экіпажаў, свіран, кузня са стальмашняй. У кузні праезджы падарожнік мог падкаваць каня, замяніць кола, ці зламаную вось, нацягнуць абады, падмазаць дзегцем восі, адрамантаваць вупраж.

У  1896 г. ад станцыі Асіповічы Лібава-Роменскай чыгуначнай веткі да станцыі Старыя Дарогі была пабудавана чыгунка. З цягам часу неабходнасць у конных  транспартных сродках адпала, была налажана перавозка пошты па чыгуначным дарогам.

Меню раздела