Озеро Скачальское
Прыхаванае сярод лясоў возера Скачальскае не выпадкова лічыцца найбольш таямнічым і загадкавым на Старадарожчыне. І да цяперашняй пары не дастаткова даследаваны як акутаная лягендамі гісторыя яго паходжання, так і незвычайныя ўласцівасці вады.
Існуе паданне, паводле якога возера з'явілася на тым месцы, дзе правалілася царква. Другое апавяданне сведчыць, што шмат гадоў таму назад, у час вялікай засухі, кавалак балота, на месцы якога знаходзіцца возера, ад вялікай спякоты запаліўся, пагарэўшае месца асунулася і запоўнілася вадой. Бясспрэчным з'яўляецца тое, што яно з кожным годам павялічваецца з прычыны абвалу берагоў. Старыя казалі, што іх дзяды памяталі, як змест возера быў невялічкі ставок ці прыродная сажалка. Ні з якімі рэчкамі і канавамі возера не злучана. Найбольшая глыбіня яго каля берагоў. А пасярэдзіне нібы падводная выспа з ілаватым грунтам.
Скачальскае возера знаходзіцца ў бассейне ракі Пціч. Плошча возера – 0,45 км2, даўжыня – 0,9 км, найбольшая шырыня – 0,67 км, берагавая лінія даўжынёй 2 км 530 м.
Возера карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў раёна і шматлікіх гасцей з іншых мясцін. Яны вераць, што Скачальскае валодае лекавымі ўласцівасцямі. Некаторыя штогод прыязджаюць сюды на аздараўленне і зазначаюць, што адчуваюць сябе намнога лепш. Спецыялісты мясцовай інспекцыі па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя знайшлі гэтаму сваё пацверджанне. Вада возера адметная павышаным утрыманнем у ёй кіслароду. Ну, а адпачываючыя ў адзін голас сцвярджаюць, што купанне ў Скачальскім здымае стомленасць, надае бадзёрасць і прыбаўляе сіл. Таму спякотным летнім днём на возеры вельмі шматлюдна.