Каляда-калядзіца Сцэнарый фальклорнага свята ў старэйшай групе

Праграмныя задачы: далучаць дзяцей да беларускай народнай культуры праз удзел у народных святах, развіваць усведамленне сваёй прынадлежнасці да нацыянальнай культуры і спадчыны, фарміраваць асновы эстэтычнай культуры сродкамі музычнага мастацтва, развіваць уменні ўспрымаць музыку ў адзінстве з рухам эмацыянальна адгуквацца на музыку; развіваць камунікатыўныя навыкі, творчыя здольнасці; выхоўваць павагу і цікавасць да гістарычнага мінулага сваёй краіны.

Дзеючыя асобы: Гаспадыня, Цыганка, Калядоўшчык – дарослыя, калядоўшчыкі, Каза, Мядзведзь – дзеці.

Папярэдняя работа: гутарка пра святкаванне Каляд, развучванне гульняў, карагодаў, вершаў.

Ход свята

Музычная зала аформлена ў выглядзе сялянскай хаты. Ціха гучыць беларуская народная музыка. Гаспадыня накрывае на стол.

Вядучы Сёння ў вашай хаце свята, і гасцей у вас багата. Усіх на свята запрашаем і сардэчна вас вітаем — І дарослых і дзяцей, і шаноўных усіх гасцей! Чуеце званочкі? Гэта едзе да вас Каляда! Сустракайце! Усе апладыруюць. Заходзяць каляднікі. 1-шы каляднік. Прыйшла Каляда да вашага двара! Дзверы адчыняйце — Каляду сустракайце! 2-гі каляднік. Вакол свету мы ішлі і да вас зайшлі! У багатую хату, у прыгожую святліцу. 3-ці каляднік. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! Народная песня «Добры вечар, святы вечар!». Каляднікі (разам). Мы да вас ідзём, Каляду вядзём! 3-ці каляднік. Дазвольце ў госці зайсці ды на лавачку сесці. На лавачку сесці ды песенькі праспяваць! 1-шы каляднік. Ці шырокія сцены, каб нам патанцаваць? 2-гі каляднік. Ці добрая гаспадынька, каб нас пачаставаць? Гаспадыня. Хата наша шырокая і вялікая, а частаваць вас пакуль няма за што. Спачатку павесяліце нас, тады будзе відаць, за што вас частаваць! Народная песня «Добры вечар вам!».

Калядоўшчык. Мы людзі простыя, з далёкага краю. Людцы ўсе сталыя з-пад самага раю! Ідзём вакол свету, аж да пана Лета. I к вам зайшлі — шчодру прыняслі! Каляднікі хадзілі па хатах, спявалі калядныя песні і жадалі шчасця і дабрабыту гаспадарам. Пасля спеваў гаспадары адорвалі каляднікаў — давалі хлеб, сала, каўбасу, розныя ласункі і прысмакі.

1-е дзіця. Мы віншуем вас са святам, жадаем шчасця вам багата! 2-е дзіця. Каб было тут у вас вольна, весела і раздольна! 3-е дзіця. Каб добрыя былі каровы, а вы былі здаровы! 4-е дзіця. Каб вяліся ў вас свінні, цялушкі і розныя птушкі! 5-е дзіця. Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва! 6-е дзіця. Шчодрага вам лета, духмянага хлеба!

Калядоўшчык. Мы к Лету ідзём, Казу вядзём, радасць людзям нясём! Яшчэ з даўніх часоў лічылася, што каза сімвалізуе дабрабыт і багаты ўраджай. Яна павінна зрабіць новы год шчаслівым і ўраджайным. Каза наша вучоная, прайшла ўсе навукі і ведае розныя штукі. Ну-ка, Козачка, расхадзіся, развесяліся, добрым людзям пакланіся!

 

Народная песня «Калядная» (апрацоўка Л. Захлеўнага). Каза. Я, Каза калядная, прыгожая ды ладная. Я і гора, і бяду вакол рога абвяду! Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць! Дзе Каза рогам, там жыта стогам! Дзе Каза бывае, туды шчасце завітае. А дзе не бывае, таго яно мінае! (Танцуе.) 1-шы каляднік. Го-го-го, Каза, го-го-го, шэрая! Дзе ты хадзіла? Дзе ты блудзіла? Каза. А я хадзіла, а я блудзіла па цёмных лясах, па шырокіх лугах. А ў ляску, ляску на белым сняжку я стамілася, павалілася! (Падае.)

Калядоўшчык. Ой, Каза ўпала, ссохла, прапала! Бачна, даўно ўжо не ела, што так аслабела! 1-шы каляднік. Гаспадар, ідзі, каўбасу нясі, сем кускоў сала, каб Каза ўстала! 2-гі каляднік. Паўмеркі жыта, каб Каза была сыта! 3-ці каляднік. А хто такі харошы, хай насыпле грошай! Каза ўстае. Калядоўшчык. Хіба ж ты забылася, Каза, чаго ад цябе людзі чакаюць? Ты павінна зрабіць будучы год шчаслівым і ўраджайным! Каза. Добра, калі так! Дам трошкі жыта для дабрабыту! Святкуем Калядкі — лавіце зярняткі! Лавіце рукой, каб у вас быў добры настрой. Нікога не хвалюйце, усім цяпло даруйце! (Танцуе.) Мядзведзь. У-у-уІ А мне гасцінцаў таксама хочацца! Гаспадыня. I табе гасцінцаў захацелася? Спачатку паслужы, што ўмееш рабіць — пакажы! Паводле старажытных уяўленняў, мядзведзь сімвалізуе сілу і здароўе. Зараз ён пазабавіць вас, ён паслухмяны ў нас!

Калядоўшчык. Пакажы, Міхай, як гаспадынька цеста месіць. Як мужыкі сена косяць. Як дзяўчаты перад люстэркам прыхарошваюцца. Пакажы, Міша, як мужык на кірмаш ідзе. А як мужык з кірмашу дамоў вяртаецца. А як дзеці спяваюць. Мядзведзь выконвае просьбы. Калядоўшчык. Нам весела калядаваць, а вось дзеткі нашы зараз праспяваюць. Народная песня «Чаму ж мне не пець?». Цыганка. Я цыганка маладая, я цыганка непрастая. Я ўмею варажыць, а магу й прываражыць! Пакажы, спадар, ручку — пакладзі грошай кучку. Пагадаю вам на ўраджай. Цягні каласок. Калі выцягнеш доўгі і поўны — ураджай будзе шыкоўны! А калі саломка будзе тонка, то ў кішэні будзе звонка! А вось гэтай пані пагадаю на каханне. Наладжваюцца гульні «Мы табе завяжам вочкі», «Хустачка», «Падушачка»

Калядоўшчык. Дзякуй за пачастункі, а мы пойдзем далей калядаваць, добрых людзей са святам вітаць! 1-шы каляднік. Шчасця ды долі, а гора ніколі! 2-гі каляднік. Моцна кахайце, на гэтым бывайце! 3-ці каляднік. Нас не забывайце, праз год зноў чакайце! Каляднікі (разам). Дзякуй гэтаму дому, пойдзем к другому! Усяго вам добрага! Да пабачэння!

Гучыць песня «Бывайце здаровы!».

 

Меню раздела